Служба падтрымкі кліентаў Сеткі АЗС: 6-431-431

Эквадорская нафта

24.1.19 10.34

Другая за месяц: беларускія нафтавікі прасвідравалі яшчэ адну прадукцыйную свідравіну ў Эквадоры.

Беларускія спецыялісты працягваюць паспяхова распрацоўваць радовішча Армадзiллё ў Эквадоры. На гэтым тыдні тут прасвідравана яшчэ адна высокадэбітная свідравіна. Сёмая па рахунку. Яна ўведзена ў эксплуатацыю з роўнем суткавай здабычы ў 74 тоны бязводнай нафты.

Нагадваем, што пад канец снежня «Беларуснафта» ужо паведамляла пра паспяховае свідраванне ў Эквадоры. Тады ў эксплуатацыю была здадзена 6-я свідравіна, прасвідраваная на глыбіню ў 3496 м. Яе суткавы дэбіт склаў звыш 60 т нафты ў суткі.

Дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю гэтых двух аб'ектаў суткавая здабыча нафты на Армадзiллё вырасла на 150 тон, і складае 400 тон нафты.

Андрэй Бохан, старшыня рады дырэктараў АТ «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл»:

«Пад канец мінулага года на прадпрыемстве пачалі новую праграму свідравання. І ўжо першыя дзве свідравіны далі выдатны вынік. Нават больш, чым мы чакалі. Цалкам пацвердзілася геалагічная мадэль і рэсурсавая база, вызначэннем якой займаліся беларускія спецыялісты, у тым ліку з БелНДПІнафта. З улікам выніку, дасягнутага на першых пяці свідравінах, прасвідраваных пазалетась, мы плануем за год-два павялічыць здабычу нафты на радовішчы амаль удвая – да 200 тысяч тон у год».

У 2019 годзе на эквадорскім радовішчы плануецца прасвідраваць яшчэ пяць свідравін. Сярод іншых задач на год – дабудаваць сістэму збору, падрыхтоўкі нафты і камерцыйнага ўліку прадукцыі, далучыць гэты вузел да транспартавай інфраструктуры, створанай у 2018 годзе.

Даведка: У Рэспубліцы Эквадор з 2013 года дзейнiчае даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» – АТ «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл». Па дамове з дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй «Петраамазонас», беларусы займаюцца аптымізацыяй вытворчасці, развіццём інфраструктуры, геолагавыведкай, суправаджаюць свідраванне і рамонт свідравін.

Радовішча Армадзiллё ўваходзіць у блок № 55, размешчаны ва ўсходняй правінцыі Напо. Гэта традыцыйны здабыўны рэгіён Эквадора. На думку геолагаў, нафтавыя запасы Армадзiллё складаюць больш 10 мільёнаў бараляў ці 1,5 мільёна тон.