Служба падтрымкі кліентаў Сеткі АЗС: 6-431-431

Эквадорская нафта

26.12.18 9.11

У Эквадоры спецыялісты «Беларуснафты» прабурылі яшчэ адну высакадэбітавую свідравіну

У Эквадоры на радовішчы Армадылья блок 55 прабурана яшчэ адна высокапрадуктыўная свідравіна. Чакаецца, што пасля ўводу ў прамысловую эксплуатацыю з яе будуць здабываць 64 т нафты ў суткі. Глыбіня свідравіны – 3 496 м. Зараз на ёй вядуцца работы па ўладкаванні і асваенні.

Нагадаем, што распрацоўка радовішча Армадылья блока 55 праводзіцца па кантракце паміж дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй Эквадора «Петраамазонас» і даччыным прадпрыемствам «Беларуснафты» – АТ «Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасэрвойл». Праект уключае аптымізацыю вытворчасці, развіццё інфраструктуры, геолагаразведку, бурэнне і рамонт свідравін на радовішчы Армадылья, выпрацоўку методык павелічэння нафтааддачы.

Беларусы кантралююць увесь тэхпрацэс, аказваюць паслугі ў галіне супервайзінгу, суправаджэння бурэння, асваення і эксплуатацыі свідравін. Спецыялісты Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты вырашаюць комплекс геалагічных задач: ад апрацоўкі і інтэрпрэтацыі інфармацыі да складання мадэляў і ацэнкі геалагічнай базы Армадылья. Менавіта геолагі інстытута падрыхтавалі рэкамендацыі, падказалі, дзе трэба бурыць свідравіны.

Зараз, з улікам новага аб’екта, на Армадылья нафта здабываецца з 6 свідравін. Сутачны аб’ём дасягае больш за 300 т. Чакаецца, што назапашаная здабыча нафты ў 2018 г. складзе звыш 100 тыс. т. Усяго ж па дагаворы з «Петраамазонас» плануецца пабудаваць 11 свідравін..