Служба падтрымкі кліентаў Сеткі АЗС: 6-431-431

Інавацыі анлайн

12.6.19 8.27

Перадавыя электронныя сістэмы кантролю за здабычай нафты на промысле «Янгпура».

Гаворка ідзе пра сістэмы «СКАД 3104 СКС». Іх распрацавалі і ўкаранілі адмыслоўцы Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты.

Паўночнаму здабыўному прадпрыемству «Беларуснафты» – ААТ «НК «Янгпур» – перадалі 15 камплектаў сістэм, створаных у аддзеле тэхнічных сродкаў кантролю за здабычай нафты інстытута. Гэта інавацыйная прадукцыя, абсталяванне новага пакалення для кантролю тэхналагічных параметраў працы ўсталёвак электрацэнтрабежных ці электравінтавых помпаў. Аўтаматызаваны комплекс праграмна-апаратных сродкаў дазваляе атрымлiваць верагодныя дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу.

Акрамя «СКАД 3104 СКС» у аддзеле тэхнічных сродкаў кантролю за здабычай нафты інстытута распрацавалі яшчэ адну, больш дасканалую сістэму свідравіннага кантролю – «Цыкада-01». Гэтыя прадукты дазваляюць тэхнолагу промыслу сачыць за паглыбным абсталяваннем, якое знаходзіцца на шматкіламятровай глыбіні. Такімі комплексамі зараз пераабсталёўваецца механізаваны фонд свідравін у беларускім рэгіёне. Сёлета ў НГЗУ «Речыцанафта» плануецца ўкараніць 90 перадавых сістэм тэлеметрыі і тэлемеханікі.

Апроч таго, адмыслоўцы БелНДПIнафта працягваюць дасканаліць ужо ўкаранёныя і ствараць новыя сістэмы паглыбнай тэлеметрыі, запатрабаваныя і ў Беларусі, і за мяжой. І нярэдка – унікальныя па сваіх характарыстыках. У распрацоўцы знаходзіцца прадукт, якi задавальняе патрабаваннi Групы кампаній «ЛУКОЙЛ» і «Раснафту».

Пачаты вопытна-прамысловыя выпрабаванні абсталявання, якое не мае аналагаў, – сістэмы анлайн-кантролю забойных параметраў пры выкананні аперацыі гідрапарыву пласта.

Гэтыя і іншыя тэхнічныя інавацыі дазваляюць павялічваць эфектыўнасць працы абсталявання, яго надзейнасць, зніжаць страты часу і матэрыялаў пры здабычы нафты, скарачаць капітальныя выдаткі падчас патрэбных даследаванняў.