Служба падтрымкі кліентаў Сеткі АЗС: 6-431-431

Новыя магчымасцi

25.2.19 10.02

«Укргаздабыча» і «Беларуснафта» падпішуць новы кантракт.

Беларускія нафтавікі займаюць новую нішу ўкраінскага рынку: «Беларуснафта» у сакавіку прыступіць да цэментавання свідравін для кампаніі «Укргаздабыча». Кантракт, разлічаны на паўгода, бакі падпішуць хуткім часам.

Цэментаванне нафтавых і газавых свідравін – гэта адзін з самых важных этапаў іх будавання. Комплекс прац скіраваны на тое, каб забяспечыць максімальны тэрмін службы аб’екта. Пры будаванні свідравін кожны прасвідраваны геалагічны інтэрвал перакрываецца калонай абсадных труб. Робіцца гэта для ўтрымання сценак свідравіны пры свідраванні, а ў наступным – і пры яе эксплуатацыі. Кожная калона труб цэментуецца. Такія працы адмыслоўцы «Беларуснафты» будуць праводзіць для «Укргаздабычы» упершыню.

Віктар Хасяневіч, начальнік аддзела вонкавага сэрвісу па будаванні і рамонце свідравін кіравання свідравінных тэхналогій і сэрвісу Цэнтральнага апарата «Беларуснафты»:

«Мы на працягу некалькіх гадоў працуем з кампаніяй «Укргаздабыча». І рэпутацыя «Беларуснафты» такая, што ўкраінскія партнёры, ацаніўшы нашы падыходы і дачыненне да працы, прапанавалі нам браць удзел у гэтым вiдзе дзейнасці. Такія паслугі нафтавага сэрвісу мы будзем выконваць ва Украіне ўпершыню. Цяпер мы на стадыі падпісання кантракта. Ён разлічаны на паўгода. Надалей наша даччыная кампанія «Сэрвіс Ойл» будзе браць удзел у тэндарах, што аб'яўляюцца ўкраінскімі здабыўнымі кампаніямі, і ўжо на канкурэнтнай аснове працягне асвойваць дадзеную нафтасэрвісную нішу на ўкраінскім рынку».

Для выканання прац па цэментаванні свідравін будуць задзейнічаны працаўнікі Тампанажнага кіравання. Усяго 9 адзінак тэхнікі і 25 адмыслоўцаў. Першай ва Украіну адправіцца тампанажнае звяно з цэментавальным агрэгатам НС-1000 вытворчасці ЗАТ «Фiдмаш» і камплектам дапаможнай тэхнікай. Плануецца, што гэта адбудзецца ў сакавіку, пасля падпісання кантракту.