Служба падтрымкі кліентаў Сеткі АЗС: 6-431-431

Поспех геолагаў

14.1.19 11.07

Упершыню за 20 гадоў у Беларусі прырост запасаў нафты дасягнуў роўня здабычы

Такога гістарычнага выніку беларускія нафтавікі дасягнулi ў 2018 годзе. Прырост здабываных запасаў вуглевадародаў склаў 1 мільён 673 тысячы тон. Лічба яшчэ ўчора здавалася нерэальнай на фоне пагаршэння структуры і знясілення запасаў – няўхільнага выніку іх паўвекавога выпрацавання.

Але ў «Беларуснафце» дасягнулі, здавалася, немагчымага. Здабычу нафты не толькі ўтрымалі на пэўным узроўні, але і пачалі два гады таму нарошчваць. І ўжо ў 2019 годзе плануюць павялічыць на 20 тысяч тон – до 1 мільёна 690 тысяч тон. Больш таго, прырост запасаў вуглевадародаў павінен цалкам яе кампенсаваць. Пераадоленне дысбалансу ў кампаніі маюць намер зрабіць трэндам бліжэйшых гадоў.

Такое амбіцыйнае заданне патрабуе ад геолагаў напружанай і крайне карпатлівай працы з рэсурсамі ва ўсіх кірунках. Павелічэнне каэфіцыента нафтааддачы, давыведка, пошукава-выведкавае свідраванне – сакрэт леташняга поспеху ў прыросце запасаў.

Вырасла і доля прамысловых запасаў вуглевадародаў у агульнай структуры, а таксама колькасць прадукцыйных свідравін. І ўсё гэта – дзякуючы комплекснаму, адраснаму падыходу да асваення дзеючых радовішчаў і новых плошчаў, укаранення сучасных тэхналогій.

Курс на атрыманне максімальных вынікаў захаваецца і ў 2019 годзе. Плануецца пабіць леташнія рэкорды па аб'ёмах палявых сейсмавыведкавых прац 3D і пошукава-выведкавага свідравання. Чакаецца, што кожная пятая свідравіна, прасвідраваная ў «Беларуснафце», стане пошукава-выведкавай. Пошукі нафтавых пакладаў засяродзяць у Цэнтральнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну – на Паўночна-Амелькаўшчынскай, Маканавічскай і Ўсходне- Маканавічскай плошчах, а таксама ў Паўночнай зоне – на Іпаўскай і Пчальніковай падсолевых структурах.

Пётр Поўжык, намеснік генеральнага дырэктара па геалогіі аб'яднання «Беларуснафта»: «Як для кожнай сучаснай нафтагазаздабыўной кампаніі, у якой на балансе знаходзяцца спелыя актывы, для «Беларуснафты» прыярытэтнымі з'яўляюцца два асноўныя кірункі. Гэта – рыхтоўля і пошук новых перспектыўных структур, павышэнне эфектыўнасці асваення распрацоўваных радовішчаў. У нас распрацавана комплексная праграма геолагавыведных прац. Яна прадугледжвае асваенне як традыцыйных, так і не кандыцыйных запасаў. Каб актывізаваць тэмпы вымання ўсіх тыпаў цяжкавымальных рэсурсаў, у кампаніі распрацаваны і ўкараняюцца адрасныя тэхніка-тэхналагічныя падыходы».